Апублікаваная раней сакрэтная справаздача аб савецкай місіі на Месяцы
Сорак пяць гадоў таму аўтаматычная станцыя «Месяц-21» з «Месяцаходам-2» здзейсніла мяккую пасадку на спадарожнік Зямлі. Холдынг «Расійскія касмічныя сістэмы» упершыню апублікаваў рассакрэчаную справаздачу аб рабоце станцыі і праблемах на борце аж да апошняга сеансу сувязі, перадае РІАН.
16.01.2018 / 19:08
Месяцаход-2
У дакуменце падрабязна разбіраюцца праблемы, якія ўзніклі падчас місіі, і варыянты іх рашэння. Сістэма дыстанцыйнага кіравання месяцаходам дзейнічала з 16 студзеня да 10 траўня 1973 года, прычым большасць прыбораў сувязі заставаліся спраўнымі нават пасля поўнага заканчэння іх працоўнага рэсурсу.
Рассакрэчаны дакумент складаецца з дзвюх частак: у першай апісваецца праца комплексу бартавое апаратуры з сістэмай тэлебачання, у другой — наземнага комплексу сувязі «Сатурн-МС». Гэтыя прыборы адказвалі за кіраванне «Месяцаходам-2», дазваляючы атрымліваць малюнкі з паверхні спадарожніка.
Тытульны ліст справаздачы, якая раней была сакрэтнай
Паводле дакумента, першая сур'ёзная заўвага да апаратуры дыстанцыйнага кіравання з'явілася толькі на 250-м сеансе сувязі: каманду «стоп» для месяцахода, які рухаўся да кратара, прыйшлося перадаць тройчы.
На 306-м сеансе сувязі ўпершыню ў гісторыі інфармацыя была перададзеная па оптыка-лазерным канале ў бок Месяца і назад — па радыёканале.
Гэтая сістэма, якая атрымала назву «Сейм», складалася з бартавога фотапрымальніка і наземных тэлескопаў, аснашчаных лазерам.
Фотапрымальнік рэгістраваў выпраменьванне лазера наземнага пеленгатара, а бартавая апаратура «Месяцахода-2» перадавала на Зямлю радыёсігнал. Гэта дазваляла вельмі дакладна адсочваць каардынаты месяцахода з адлегласці больш за 380 тысяч кіламетраў.
У справаздачы гаворыцца і аб завяршэнні працы апарата. На 503-м сеансе сувязі тэмпература ў ягонай сярэдзіне павысілася да 43-47 градусаў. Больш на сувязь месяцаход не выходзіў.
«Месяц-21» дасягнуў паверхні спадарожніка Зямлі 15 студзеня 1973 года, прызямліўшыся на ўсходняй ускраіне Мора Яснасці, усярэдзіне кратэра Леман'е. Дастаўлены станцыяй апарат «Месяцаход-2» практычна не адрозніваўся ад свайго папярэдніка, яго маса складала 836 кілаграмаў. За чатыры месяцы работы месяцаход прайшоў 42 кіламетры, перадаў на Зямлю 86 панарамаў і каля васьмідзесяці тысяч тэлекадраў. Ён выйшаў з ладу праз перагрэў апаратуры ўнутры корпуса, выкліканага выпадковым трапленнем грунту.