Генетыкі стварылі піўныя дрожджы, якія дазваляюць варыць піва без хмелю

Дацкія і амерыканскія біёлагі стварылі новы гатунак трансгенных дрожджаў, якія здольныя цалкам замяніць хмель падчас варэння піва. Спосаб іх вытворчасці і выкарыстоўвання быў апублікаваны ў часопісе Nature Communications.

21.03.2018 / 21:00

Як тлумачыць адзін з стваральнікаў дрожджаў Джэй Кіслінг з Універсітэта Каліфорніі, хмель і ягоныя аналагі дадаюць у піва, як правіла, для надання яму характэрнага горкага смаку і стабілізацыі. Буйныя бровары выкарыстоўваюць для гэтых мэтаў не рэальныя шышкі гэтай расліны, а іх канцэнтраваны экстракт, які можна дадаваць у піва на любых стадыях яго варэння.

Малекулярныя біёлагі вырашылі, што можна пазбавіцца і ад гэтай простай працэдуры, распрацаваўшы такія піваварныя дрожджы, якія маглі б сінтэзаваць два ключавыя лятучыя рэчывы, што змяшчаюцца ў хмелі: ліналаёл і гераныёл.

Навукоўцы здолелі сабраць поўны ланцужок сінтэзу ліналаёлу і гераныёлу, выкарыстоўваючы гены раслін, у якіх утрымліваюцца гэтыя рэчывы, і саміх дрожджаў. Так атрымалася выгадаваць некалькі дзясяткаў эксперыментальных гатункаў піўных дрожджаў, якія могуць самастойна вырабляць малекулы гэтых рэчываў, выкарыстоўваючы толькі цукар і кісларод.

nn.by