Чыноўнікі плануюць забараніць ананімныя каментары ў інтэрнэце

што вы думаеце пра ініцыятыву?

02.04.2018 / 16:52

Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала ад Палаты прадстаўнікоў праект закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь». Большай часткай папраўкі тычацца закона «Аб сродках масавай інфармацыі».

Міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч. Фота Волі Афіцэравай.

Якія змены хочуць зрабіць чыноўнікі і дэпутаты?

Інтэрнэт-рэсурсам прапануюць добраахвотна зарэгістравацца ў якасці СМІ. У такім разе іх супрацоўнікі атрымаюць (у некалькі зрэзаным выглядзе) правы традыцыйных СМІ — напрыклад, праходзіць акрэдытацыю ў дзяржаўных органах, працаваць на масавых акцыях, мець права на абарону крыніцы інфармацыі. Аднак у такім разе трэба будзе мець юрыдычны адрас і праходзіць зацвярджэнне галоўнага рэдактара ў Міністэрстве інфармацыі.

Рэгістрацыю можна і не праходзіць, аднак усё адно давядзецца выконваць абавязкі, прадугледжаныя законам аб СМІ.

Галоўнае новаўвядзенне — плануецца ўвесці абавязковую ідэнтыфікацыю каментатараў і ўдзельнікаў форумаў.

Апроч таго, дапускаецца магчымасць блакавання сацыяльных сетак — калі сацсетка адмовіцца выдаліць нейкую інфармацыю з чый-небудзь старонкі.

«Гэтыя змены ў заканадаўстве накіраваныя на ўзмацненне кантролю за інтэрнэт-сферай ў Беларусі», — каментуе дакумент старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

ГА «БАЖ» рыхтуе свае заўвагі па законапраекце, да 9 красавіка яны будуць прадстаўлены ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

БЮ