Фігурантку справы аб гібелі чатырох барысаўчан ад наркотыкаў прысудзілі да 14 гадоў

05.04.2018 / 21:23

Жыхарка Барысава, якая стала фігуранткай справы аб гібелі чатырох мясцовых жыхароў ад спажывання наркотыкаў, прысуджаная да 14 гадоў калоніі, без канфіскацыі маёмасці, паведамляе БелТА.

Такое пакаранне жанчына атрымала за незаконныя з мэтай збыту набыццё, захоўванне асабліва небяспечных наркатычных сродкаў.

У той жа час яна прызнана невінаватай і апраўданая па ч.5 арт.328 КК. Гаворка ідзе аб незаконным збыце наркатычных сродкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека ў выніку спажывання ім наркотыкаў. Гэта значыць суд палічыў, што віна жанчыны ў датычнасці да смерці мужчын не даказаная.

Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым законам парадку.

Трагедыя адбылася ў верасні 2016 года. Чацвярых барысаўчан без прыкмет жыцця мясцовыя жыхары выявілі ў межах горада ў лясным масіве. Медыкі канстатавалі смерць двух з іх. Яшчэ двое памерлі ў бальніцы. Пры аглядзе мясцовасці, дзе былі знойдзены целы мужчын, знайшлі выкарыстаныя шпрыцы і ёмістасці ад лекавых сродкаў, што сведчыла пра ўжыванне загінулымі наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.