У Арменіі распалася кіруючая кааліцыя. Пашыняна афіцыйна вылучылі на пасаду прэм'ера Арменіі

25.04.2018 / 20:03

Партыя «Дашнакцуцюн», якая ўваходзіла на правах малодшага партнёра Рэспубліканскай партыі ў склад кіруючай ў Арменіі кааліцыі, абвясціла аб выхадзе з яе.

«Беручы пад увагу сітуацыю, якая склалася, мы заяўляем аб адмове ад удзелу ў палітычнай кааліцыі», — гаворыцца ў заяве нацыяналістаў. У дакуменце падкрэсліваецца, што парламент павінен абраць кіраўніком урада чалавека, які мае давер народа і здольнага пераадолець палітычны крызіс і забяспечыць умовы для правядзення датэрміновых парламенцкіх выбараў.

Таксама стала вядома, што апазіцыйны парламенцкі блок «Елк» вылучыў кандыдатуру лідара ерэванскіх пратэстаў Нікола Пашыняна на пасаду прэм'ер-міністра, паведамляе News.am.