Азербайджан адкрыў газаправод у Еўропу

29.05.2018 / 11:23

У Баку адбылося афіцыйнае адкрыццё Паўднёвага газавага калідора (ПГК), па якім газ з азербайджанскага радовішча Шах-Дэніз пойдзе ў Еўропу.

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў запусціў першы газ, які пойдзе ў Турцыю для Трансанаталійскага трубаправода TANAP. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў ураду ЗША, Вялікабрытаніі і кіраўніцтва ЕС за падтрымку праекта ПГК.

Па словах Аліева, Паўднёвы газавы калідор мае вялікае значэнне для энергабяспекі Еўропы, дыверсіфікацыі крыніц і маршрутаў паставак.

«Азербайджанскі газ з'яўляецца новай крыніцай паставак газу ў Еўропу, і рэалізацыяй ПГК мы зноўку складаем энергетычную карту кантынента», - сказаў ён.

У ПГК удзельнічаюць Азербайджан, Грузія, Турцыя, Грэцыя, Балгарыя, Албанія і Італія. Боснія і Герцагавіна, Харватыя і Чарнагорыя маюць намер далучыцца да праекту.