Сілавікі выявілі нелегальны канал перапраўкі мігрантаў у ЕС пад выглядам футбольных заўзятараў

27.06.2018 / 21:07

У Мінску супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС затрымалі грамадзяніна Бангладэш, які мае дачыненне да арганізацыі канала незаконнай міграцыі суайчыннікаў у Еўрасаюз транзітам праз Беларусь. У яго знойдзена 3 тысячы долараў ЗША і 3,8 тысячы еўра.

Перапраўляць нелегалаў па-за пунктамі пропуску на беларускай мяжы замежніку дапамагалі землякі. Двое з іх таксама затрыманыя. Адзін хаўруснік дзейнічаў у Маскве: набываў квіткі на футбольныя матчы чэмпіянату свету па футболе ў Расіі, па якіх мігранты афармлялі ID-карты заўзятараў і на законных падставах прыбывалі на расійскую тэрыторыю. Не наведваючы мундыяль, «фанаты» перапраўляліся ў Беларусь. Іншы фігурант адказваў непасрэдна за адпраўку нелегалаў з нашай краіны ў Еўрасаюз. Яго затрымалі ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці: разам з чатырма мігрантамі ён спрабаваў перасячы мяжу з Літвой.

Зараз у Маскве могуць знаходзіцца каля 100 грамадзян Бангладэш, якія з дапамогай затрыманых прыбылі пад выглядам футбольных заўзятараў і ў будучыні збіраліся незаконна патрапіць у ЕС.