У Гомелі за дзедаўшчыну судзяць яшчэ двух салдат

27.06.2018 / 22:32

У судзе Гомельскага раёна разглядаецца чарговая крымінальная справа аб нестатутных адносінах у арміі. У гэты раз на лаве падсудных два былыя салдаты тэрміновай службы, якія абвінавачваюцца ў здзеках з іншых вайскоўцаў — пацярпелых сем чалавек, паведамляе Tut.by. Цікава, што адзін з абвінавачаных з'яўляецца тройчы стыпендыятам спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.

Усё здарылася зімой 2018 года ў вайсковай часці 12-42 на памежнай заставе, якая базіравалася недалёка ад аграгарадка Новая Гута пад Гомелем.

Па версіі дзяржабвінавачання, са студзеня па люты абвінавачаныя Сяргей Гузееў і Раман Гладкі «ужывалі фізічны гвалт і ўсяляк прыніжалі годнасць іншых салдат». Напрыклад, прымушалі радавых адціскацца шмат разоў, прысядаць, білі далонню ў твар, задавалі бессэнсоўныя пытанні, на якія трэба было адказаць. Не ўсе вытрымлівалі. Па матэрыялах справы, падчас такіх выпрабаванняў двое вайскоўцаў страчвалі прытомнасць.

Абвінавачаныя віну сваю прызналі часткова.

28 чэрвеня суд працягне допыт пацярпелых.