Статкевіч пакінуў судовую залу і сам вярнуўся ў ізалятар
04.07.2018 / 16:10
Ахова суду не перашкодзіла падсуднаму Статкевічу сысьці з судовага пасяджэньня. Статкевіч папрасіў канвой, каб яго адвезьлі ў ізалятар даседжваць 10 сутак, якімі ён быў пакараны за адну зь несанкцыянаваных акцый, паведамляе Радыё Свабода.
Суд пакараў Статкевіча штрафам у 40 базавых велічынь (980 рублёў).
Калі затрыманага 3 ліпеня Міколу Статкевіча прывезьлі з ізалятара ў судовую залю, ён голасна сказаў, што ня будзе ўдзельнічаць у такім спэктаклі, калі яго зьбіраюцца судзіць за тое, што ён меў намер ускласьці кветкі да помніка.
«Ганьба! Я не жадаю ўдзельнічаць у гэтым ганебным відовішчы! Ганьба краіне, у якой судзяць за тое, што я хацеў ускласьці кветкі да помніка!» — заявіў Статкевіч і выйшаў з залі.
У калідоры і судзьдзя Юры Гарбатоўскі, і адвакат Аляксандар Галіеў спрабавалі ўгаварыць Статкевіча вярнуцца ў залю, але безвынікова.
Статкевіч яшчэ раз эмацыйна сказаў, што першае, што ён зробіць, адбыўшы пакараньне, — прыйдзе на бульвар Талбухіна і ўскладзе кветкі да помніка.
Судовае паседжаньне прадоўжылася без абвінавачанага. Судзьдзя зачытаў, што Статкевіч абвінавачваецца ў закліках да правядзеньня несанкцыянаванай акцыі: 21 чэрвеня ён разьмясьціў у сацыяльных сетках абвестку з запрашэньнем прыходзіць 3 ліпеня на бульвар Талбухіна ў Менску, каб ускласьці кветкі да помніка.