У Беларусі запускаюць гульню па барацьбе з камунальнымі праблемамі «Добрыя суседзі». У памочніках — Цёця Моця

Непрыгожы пад'езд і шматгадовая лужына каля ўвахода? Зламаныя арэлі і ржавая горка на дзіцячай пляцоўцы? Ніводнага дрэўца, але занадта шмат машын? Паверце: на ўсё гэта можаце паўплываць вы самі! І не бойцеся, вы не адны: цяпер з вамі — Цёця Моця.

20.08.2018 / 13:02

Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацый аб'явіў пра старт гульні «Добрыя суседзі: як палепшыць жыццё вакол сябе». 

Галоўная задача гульні — натхніць удзельнікаў ды ўдзельніц на пазітыўныя змены месцаў, дзе яны жывуць, і даць самы першы імпульс і падказкі, неабходныя для гэтых пераменаў. Яны пераканаюцца, што здольныя на неверагодныя рэчы, і ўбачаць, як шмат можна зрабіць разам.

У гульню можна ўключыцца ў любы момант, і для кожнага гульца яна доўжыцца шэсць тыдняў. Кожны аўторак вядучая гульні Цёця Моця адпраўляе ўсім зарэгістраваным электронны ліст, а ў ім — тры заданні. Неабавязкова выконваць усе тры, трэба выбраць толькі адно: тое, якое падаецца самым сімпатычным, актуальным і пасільным. Тым не менш тыя два, што засталіся, таксама можна рабіць, калі ёсць настрой, сілы і жаданне: за іх будуць налічаны дадатковыя бонусы.

У гульні няма строгіх тэрмінаў выканання, і ўдзельнікі не павінны адпраўляць справаздачы кожны тыдзень. Для таго, каб прайсці гульню, атрымаць сертыфікат і запрашэнне на сустрэчу самых актыўных гульцоў і прэмію «Зрабілі», неабходна, каб было выканана па адным заданні з кожнага этапа да канца тэрміну гульні (шэсць тыдняў).

Падрабязней пра тое, як можна зрабіць свет вакол сябе лепшым, можна пачытаць па спасылцы.

nn.by