У Мінску ў жыхара Іспаніі з заплечніка сцягнулі 50 тысяч еўра. Проста на хаду — ВІДЭА, як гэта было

23.08.2018 / 16:21

Пра выпадак, што здарыўся 16 жніўня ў сталіцы, паведамляе Следчы камітэт.

Жыхар Іспаніі з заплечнікам на спіне перасякаў праспект Машэрава па пешаходным пераходзе. У гэты момант ззаду да яго наблізіўся мужчына, які заўважыў, што заплечнік трохі прыадкрыты і ў ім знаходзяцца грошы. Падчас руху праз дарогу ён акуратна дастаў грошы, пасля чаго збег. Праз некалькі хвілін ўладальнік заплечніка пабачыў, што ў яго скрадзеныя 50 тысяч еўра.

Міліцыя хутка знайшла злачынцу. Ім аказаўся 34-гадовы мінчук, яго раней неаднаразова прыцягвалі да крымінальнай адказнасці за ўчыненне крадзяжоў.

Грошы ў яго знайшлі ў тайніку, патраціў ён толькі 200 еўра.

Мужчыну змясцілі пад варту.