У Гомелі затрымалі маладых людзей з рукзаком канопляў

28.08.2018 / 22:08

Супрацоўнікі гомельскай міліцыі падчас патрулявання звярнулі ўвагу на групу трох маладзёнаў.

Калі хлопцы пабачылі міліцыянераў, яны паскорыліся, аднак зразумелі, што на іх звярнулі ўвагу. Адзін з іх, жыхар Гомеля 1993 года нараджэння, вырашыў пазбавіцца ад заплечніка і кінуў яго на абочыну, пасля чаго паспрабаваў уцячы, аднак яго затрымалі супрацоўнікі АМАПу. Два яго спадарожнікі таксама былі затрыманыя. Імі аказаліся жыхары Гомеля 1987 і 1988 гадоў нараджэння.

Пазней быў знойдзены і канфіскаваны заплечнік чорна-шэрага колеру з лістамі раслін канопляў.

Падазраваным пагражае пакаранне абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.