Трое паліцэйскіх чыноў, падазраваныя ў згвалтаванні калегі ў Уфе, звольненыя

01.11.2018 / 18:07

Трое супрацоўнікаў паліцыі, падазраваныя ў згвалтаванні калегі ў Башкірыі, звольненыя. Пра гэта tass.ru паведамілі ў МУС па рэгіёне РФ.

У Башкірыі трох паліцэйскіх затрымалі па падазрэнні ў згвалтаванні дзяўчыны-дазнаўцы аддзела МУС Расіі па Уфімскім раёне. Па факце злачынства заведзена крымінальная справа па артыкуле «Згвалтаванне і гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару, якія былі здзейснены групай асобаў».

Фота: readovka.ru

Інцыдэнт адбыўся ў ноч на 30 кастрычніка. 34-гадовы кіраўнік аддзела міграцыі АМУС па Уфімскім раёне Павел Я. арганізаваў застолле для сваіх начальнікаў — 51-гадовага начальніка АМУС па Уфімскім раёне Эдуарда М. і 50-гадовага начальніка АМУС па Кармаскалінскім раёне Салавата Г.

П'яныя паліцэйскія захацелі працягу гулянкі. Тады Павел Я. узгадаў пра 23-гадовую калегу-дазнаўцу. Ён папрасіў яе зайсці ў кабінет, прыкрываючыся працоўнымі пытаннямі. Калі ж дзяўчына прыйшла, ёй настойліва прапанавалі выпіць.

У выніку дазнаўцу гвалтавалі ўсю ноч. Маўчаць яна не стала і адразу пайшла з заявай у Следчы камітэт.