Навукоўцы: Азонавы слой цалкам адновіцца да 2060 года

07.11.2018 / 13:53

Азонавы слой Зямлі з 2000 года аднаўляецца на 1-3% за дзесяцігоддзе дзякуючы Манрэальскаму пратаколу, які забараняе вытворчасць азонаразбуральных злучэнняў. Такімі тэмпамі ў Паўночным паўшар'і азонавы слой цалкам адновіцца да 2030-х гадоў, а на ўсёй планеце — да 2060 года. Гэтыя высновы апублікавала Сусветная метэаралагічная арганізацыя (СМА) на чарговай сустрэчы бакоў пратакола.

Спусташэнне азонавага слоя, упершыню выяўленае ў канцы 1970-х гадоў, да пачатку цяперашняга стагоддзя спынілася. Часткова гэта звязана з глабальным пацяпленнем і павелічэннем канцэнтрацыі вуглякіслага газу ў атмасферы, аднак зусім нядаўна навукоўцам таксама атрымалася паказаць, што адной з прычын стала скарачэнне шкодных для азонавага слоя выкідаў пасля таго, як Манрэальскі пратакол набыў моц.