У брэсцкай кватэры ў шафе знайшлі змяю. Яна была чужая, схуднелая і даўжынёй адзін метр

08.11.2018 / 08:58

pixabay.com

Ручную змяю больш за метр даўжынёй забралі супрацоўнікі Брэсцкага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях з шафы кватэры па вуліцы Луцкай, піша газета Заря.

Як распавёў начальнік варты Вадзім Табольчык, гаспадары знайшлі змяю ў шафе вітальні:

— Нам паступіў трывожны званок, і мы тут жа выехалі на месца здарэння. Змяя агрэсіі не выяўляла, выглядала вельмі схуднелай. Па вонкавым выглядзе можна было меркаваць, што яна поўзала доўгі час і не харчавалася нармальна. Змяю змясцілі ў спецыяльны мяшок і павезлі ў часовы пункт ператрымкі.

У пошуку гаспадароў жывёлу паказалі жыхарам дома, мяркуючы, што змяя збегла ад уладальніка і па вентыляцыйнай шахце перабралася да суседзяў. Ніхто рэптылію не прызнаў. Значыць, забралася з найбліжэйшых дамоў.