Хуліганы спалілі сенасховішча, бо пакрыўдзіліся на заўвагу ад старшыні гаспадаркі

27.11.2018 / 16:54

Хуліганы спалілі сенасховішча ў Ашмянскім раёне, таму што пакрыўдзіліся на старшыню прадпрыемства-ўладальніка, паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама.

У маі ў вёсцы Гальшаны згарэў нежылы дом. Ужо тады міліцыя і ратавальнікі падазравалі падпал.

А ў кастрычніку адбыўся пажар на сенасховішчы мясцовай гаспадаркі: тады згарэў будынак і сена.

Міліцыянеры шукалі людзей, якіх раней звольнілі з гаспадаркі. Падазраваць пачалі 20-гадовага хлопца. Пры затрыманні ён распавёў, што разам са сваімі двума сябрамі здзейсніў некалькі падпалаў. Закінутыя дамы яны падпальвалі проста так, а сенасховішча — праз асабістую непрыязнасць да кіраўніка прадпрыемства.

Супраць хлопцаў распачалі крымінальныя справы за наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці.