Сілавікі затрымалі 72-гадовага гендырэктара абароннага холдынгу «БелОМА»

01.02.2019 / 16:55

У Мінску на мінулым тыдні затрымалі генеральнага дырэктара холдынгу «БелОМА» Вячаслава Бурскага. Пра гэта Tut.by распавялі дзве інфармаваныя крыніцы.

Фота: director.by.

У прыёмнай Бурскага не змаглі ні пацвердзіць, ні абвергнуць інфармацыю аб затрыманні гендырэктара. Там толькі сказалі, што цяпер выконваючым абавязкі кіраўніка холдынгу з'яўляецца Аляксандр Мароз, першы намеснік гендырэктара-дырэктар па эканоміцы і фінансах і член Савета Рэспублікі.

У Мінпраме, у ведамасным падначаленні якога знаходзіцца «БелОМА», таксама не сталі каментаваць «чуткі і размовы» пра затрыманне Бурскага. Разам з тым там адзначылі, што праца ў холдынгу «БелОМА» вядзецца «ва ўстаноўленым парадку». «Наглядальная рада прыняла рашэнне аб прызначэнні спадара Мароза выконваючым абавязкі гендырэктара. У прынцыпе, гэта не новая для яго функцыя. На працягу года ён ужо быў «в.а.» у сілу хвароб, камандзіровак спадара Бурскага», — сказалі ў Мінпраме, але не назвалі прычыну цяперашняга кадравага рашэння.

На працягу двух дзён журналістам Tut.by не ўдалося атрымаць каментар у СК і КДБ з нагоды затрыманняў у «БелОМА».