Былы міністр спорту стаў прафесарам педагогікі

04.03.2019 / 10:48

Пару дзён таму Аляксандру Грыгараву прысвоілі вучонае званне.

Як стала вядома «Народнай Волі», цяпер былы міністр спорту збірае матэрыял на доктарскую дысертацыю.

— Галоўнае ў жыцці — сэрцам не старэць і не спыняцца ні на хвіліну! — і жартам, і ўсур'ёз кажа Аляксандр Грыгараў.

— Аляксандр Уладзіміравіч, а ў вас жа кандыдацкая дысертацыя па боксе была, калі не памыляюся …

— Так, я абараняўся ў НДІ фізкультуры і спорту ў Маскве. Напісаў яе пасля адстаўкі, калі працаваў у выканкаме СНД. За два гады ў мяне атрымалася! А калі справа дайшла да абароны, вырашыў паехаць у Маскву. Усё ж такі я чалавек вядомы, і каб не было усялякіх размоў … А Расія ў гэтым сэнсе - нейтральная тэрыторыя. Я абараніўся, прайшоў працэдуру настрыфікацыі і заняўся трэнерскай працай.

— Але вы — прафесар педагогікі …

— Я працую загадчыкам кафедры фізвыхавання ў БАТУ. Для таго, каб атрымаць званне прафесара, трэба мець вучняў. У мяне іх як раз шмат. У ВАК мне сказалі, што ў мяне крыху не хапае ўніверсітэцкага стажу. Мне прыйшлося года паўтара пачакаць, калі ў мяне выйдзе неабходны стаж, падаў усе неабходныя дакументы, і 20 лютага мне прысвоілі званне. Так што ўсё і проста, і складана адначасова.

- А што вам дае званне прафесара?

— Перш за ўсё - уласнае задавальненне. Калі я працаваў яшчэ намеснікам міністра, заўсёды раўняўся на Германа Мацвеевіча Бокуна. Ён быў намеснікам старшыні Дзяржкамспорту і паралельна працаваў з фехтавальшчыкамі трэнерам. І я, калі прыйшоў у Міністэрства спорту, падумаў: ну як я буду размаўляць з трэнерамі, калі я сам гэтага пораху не панюхаў! І пайшоў на трэнерскую працу. Так і са званнем …

Засталася адна няскораная вышыня. Праўда, не ведаю, ці ўдасца мне яе дасягнуць ці не …

- Вы аб чым?

— Аб доктарскай дысертацыі. Хачу яе скончыць…