У лесе пад Астраўцом знайшлі машыну з целам мытніка — падрабязнасці

19.03.2019 / 15:04

Юрыю Грыцкевічу было 40 гадоў. Ён працаваў начальнікам аддзела мытных аперацый і кантролю мытнага паста на пункце пропуску «Катлоўка» на мяжы з Літвой.

Юры знік у суботу, 9 сакавіка. Па словах сваяка, Грыцкевіч раніцай адвёў сына ў школу. Больш мужчыну ніхто не бачыў.

Мёртвага Грыцкевіча знайшлі ва ўласным аўтамабілі ў панядзелак, 11 сакавіка. Машына стаяла ў лесе каля вёскі Міхалішкі. Да выхлапной трубы быў прыкручаны шланг ад пыласоса, які вёў у салон.

Прычыны ўчынку невядомыя. Сваякі кажуць, што праблем у сям’і не было.

Цяпер ходзяць чуткі, што ўчынак мужчыны мог быць звязаны з праблемамі на працы. Нібыта праз пастаянныя праверкі і перапрацоўкі Грыцкевіч хацеў звольніцца, але яго не адпускалі, бо не хапала людзей. Але ж пацверджанняў гэтай версіі пакуль няма. Сваякі Юрыя не могуць ані пацвердзіць, ані абвергнуць гэта.

Жонка мытніка адмовілася ад каментараў. 

УШ