Гаагскі суд прысудзіў Радавана Караджыча да пажыццёвага зняволення

20.03.2019 / 17:32

Суд ААН у Гаазе прысудзіў былога лідара баснійскіх сербаў Радавана Караджыча да пажыццёвага зняволення, паведамляе Reuters.

Рашэнне Гаагскага суда з'яўляецца канчатковым і не можа быць абскарджана ў апеляцыйным парадку.

Абвінавачванне дамагалася для Караджыча павелічэння тэрміну зняволення з 40 гадоў да пажыццёвага і прызнання яго вінаватым у генацыдзе за яго меркаваную ролю ў злачынствах, якія здзяйсняліся супраць грамадзян несербскай нацыянальнасці ў некалькіх баснійскіх гарадах у першыя гады вайны. Караджыч тым часам прасіў разгледзець апеляцыю аб правядзенні новага суда.