«Мерседэс» з расійскімі нумарамі пайшоў на абгон на скрыжаванні, некалькі разоў перавярнуўся і лёг у кювеце

31.03.2019 / 17:33

30 сакавіка прыблізна а 17:00 на дарозе Р44 перавярнуўся і лёг на бок у кювеце «Мерседэс GL350» з расійскімі нумарнымі знакамі. Здарэнне адбылося каля вёскі Лозы ў Ваўкавыскім раёне.

«На пад'ездзе да пазначанага скрыжавання «Мерседэс» стаў абганяць спадарожныя аўтамабілі. У гэты час перад ім на перакрыжаванні грузавы ГАЗ пачаў левы паварот. Кіроўца GL, спрабуючы ўхіліцца ад сутыкнення, сышла ў занос і выскачыла ў правы кювет», — паведаміў чытач autogrodno.by Валерый.

У кювеце красовер некалькі разоў перавярнуўся і лёг на бок.

«У шпіталь забралі мужчыну і хлопчыка, якога выкінула з салона. Яму каля 10 гадоў», — дадаў Валерый.

nn.by