У Гарадоцкім раёне палілі смецце, а спалілі касцёл ХІХ стагоддзя

17.04.2019 / 18:34

Каталіцкі касцёл гарэў сёння ў Гарадоцкім раёне, паведамляюць МНС і Следчы камітэт.

Паведамленне аб пажары ў храме святых апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Рамні паступіла на пульт МНС у 13.21. Ратавальнікі аператыўна ліквідавалі ўзгаранне, але пажар у храме знішчыў дах, перакрыцце і пашкодзіў сцены. Храм знішчаны. Ахвяраў няма.

Папярэдне высветлена, што полымя перайшло на храм у ходзе неасцярожнага абыходжання з агнём пры спальванні смецця. Агонь перайшоў на сухую расліннасць, а потым на касцёл.

Будынак храма не эксплуатуецца больш за 30 гадоў. Драўляны касцёл пабудаваны ў 1896 годзе.

Так касцёл выглядаў у 2014 годзе. Фота: Дзмітрый Дзямко, globus.tut.by