Аляксандр Лукашэнка і Коля на Вялікдзень ізноў наведалі вясковую царкву. Без мітрапаліта Паўла

28.04.2019 / 12:05

Аляксандр Лукашэнка ў свята Вялікадня запаліў свечку ў храме сяла Астрошыцы Лагойскага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўніка дзяржавы сустрэў настаяцель царквы протаіерэй Аляксандр Зімніцкі. Прэзідэнт павіншаваў вернікаў са святам Вялікадня. У дар храму Аляксандр Лукашэнка перадаў абраз «Уваскрасенне Гасподняе», напісаны ў майстэрні Віктара Доўнара па старажытнай візантыйскай тэхналогіі. Яна ўяўляе сабой дагмат царквы пра трыумф Госпада над смерцю і сіламі сатаны. На іконе намаляваны ўваскрослы Хрыстос у белай вопратцы.

Ужо каторы год Аляксандр Лукашэнка на Вялікдзень наведвае сціплыя вясковыя цэрквы, а не мітрапалічы сабор у Мінску. Некаторыя аналітыкі бачаць у гэтым мяккі знак незадаволенасці кіраўніка Беларусі мітрапалітам Паўлам, прысланым Масквой кіраваць Беларускім экзархатам Рускай праваслаўнай царквы.

СГ