Зяленскі прызначыў на дзяржаўныя пасады сваіх калегаў з «Квартала 95»
21.05.2019 / 21:56
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прызначыў Сяргея Шэфіра, з якім яны разам былі сузаснавальнікамі Квартала 95, першым памочнікам прэзідэнта. Адпаведны ўказ апублікаваны на сайце прэзідэнта Украіны.
Сяргей Шэфір не толькі бізнэс-партнёр, але і найлепшы сябар Уладзіміра Зяленскага. Ён таксама быў сябрам выбарчага штаба Зяленскага.
Атрымалі свае пасады і іншыя асобы, звязаныя з Кварталам 95.
Кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта стаў Андрэй Богдан, юрыст алігарха Ігара Каламойскага і ўпаўнаважаны па пытаннях антыкарупцыйнай палітыкі ва ўрадзе часоў прэзідэнта Януковіча — які мае рэпутацыю выключна карумпаванага.
Акрамя таго, Зяленскі прызначыў Сяргея Трафімава і Юрыя Касцюка намеснікамі кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта.
Раней Юрый Касцюк пісаў сцэнары да серыялаў і кінафільмаў студыі «Квартал 95».
Сяргей Трафімаў пачаў працаваць з «Кварталам 95» у 2005 годзе, ён курыраваў кіна-кірунак студыі.