«Карты беларуса замежжа» не будзе, бо ёсць прэцэдэнты з «картай паляка»

04.06.2019 / 11:49

Яшчэ ў сакавіку мінулага года ЗБС «Бацькаўшчына» на просьбу Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Беларусі падрыхтавала і накіравала дакумент з прапановамі па карэкціроўцы заканадаўства краіны ў сферы адносін з беларусамі замежжа. Прапановы занялі ажно 13 старонак і тычыліся не толькі закона «Аб беларусах замежжа», але і законаў «Аб сродках масавай інфармацыі», «Аб грамадзянстве», статут Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і кодэксы Рэспублікі Беларусь «Аб культуры» і «Аб адукацыі».

Прапановы былі скіраваныя на пашырэнне супрацоўніцтва з беларускім замежжам у самых розных сферах, прыцягненню эканамічнага і інтэлектуальнага патэнцыялу беларусаў замежжа для ўзбагачэння нацыянальнай эканомікі, навукі, культуры і сацыяльнай сферы, бо сённяшняя практыка стасункаў вельмі часта абмяжоўваецца ўсяго толькі задавальненнем культурніцкіх патрэб дыяспары, і тое, даволі сціпла.

Днямі ЗБС «Бацькаўшчына» атрымала адказ з Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, з якога вынікае, што:

Што датычыць перспектываў увядзення ва ўжытак пасведчання «беларуса замежжа», дакумента, які мог бы, да прыкладу, дазваляць трымальніку карыстацца правам бязвізавага ўезду ў Беларусь, спрошчанай працэдурай рэгістрацыі, атрымліваць ільготны крэдыт для аплаты вышэйшай адукацыі і да т.п., Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў лічыць мэтазгодным дадаткова вывучыць меркаванні кампетэнтных органаў адносна магчымасці ўвядзення такога дакумента.

Гэта звязана з пазіцыяй Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь у дачыненні да закону Рэспублікі Польшча «Аб Карце паляка». Паводле яе прадстаўленне ільгот і прывілеяў замежным грамадзянам — уладальнікам «карты паляка» супярэчыць палажэнням шэрагу міжнародных дагавораў і агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права.

Адметна, што, паводле адказу Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, з 23-х дзяржаўных органаў і іншых арганізацый Рэспублікі Беларусь пераважная большасць адрасатаў, у тым ліку МЗС, паведамілі аб адсутнасці прапаноў па змяненні Закону, і асноўная маса заўвагаў па карэкціроўцы заканадаўства паступіла ад «Бацькаўшчыны».