У Мінску затрымалі двух рабаўнікоў банкаў з Расіі
27.06.2019 / 18:41
Затрыманых падазраюць у здзяйсненні серыі налётаў у складзе банды на аддзяленні банкаў і касіраў, паведамляе прэс-служба ГУУС.
Першапачаткова ў міліцыю паступіла аператыўная інфармацыя аб з'яўленні ў адным з раённых цэнтраў Гродзенскай вобласці двух падазроных мужчын.
Характар звестак даваў падставы меркаваць, што дуэт, магчыма, датычны да незаконнай дзейнасці і спрабуе схавацца.
Праверка паказала, што гаворка ідзе пра двух грамадзян Расіі (1978 і 1982 года нараджэння), якія знаходзяцца ў міждзяржаўным вышуку па падазрэнні ў здзяйсненні серыі рабаванняў банкаўскіх аддзяленняў на тэрыторыі Варонежскай вобласці РФ.
Яны ўвесь час мянялі месца жыхарства, тэлефоны. Аператыўнікі не выключаюць, што гастралёры планавалі напады на банкаўскія ўстановы і ў Беларусі.
Таксама яны вывучалі магчымасці вырабу падробных пашпартоў грамадзян Украіны для далейшага перамяшчэння праз яе тэрыторыю ў краіны Еўрасаюза.
Змоўшчыкі некалькі разоў прыязджалі ў Мінск. Падчас чарговага візіту іх затрымалі ў мікрараёне Серабранка.
Яны знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання ГУУС. Пачаўся працэс выдачы фігурантаў у РФ.