У Кітаі пабудавалі найбуйнейшы ў свеце аэрапорт

У Пекіне завяршылася будаўніцтва найбуйнейшага ў свеце аэрапорта Дасін. Пра гэта паведамляе РІА Навіны са спасылкай на ўлады горада.

30.06.2019 / 16:06

Фота: Wikimedia

Аэрапорт размешчаны за 46 кіламетраў ад цэнтра сталіцы, а яго плошча складае адзін мільён квадратных метраў. Ён пазіцыянуецца як найбуйнейшы міжнародны аэрапорт-хаб і «самы складаны інжынерны праект тэрмінала аэрапорта ў свеце».

Акрамя таго, Дасін стаў найбуйнейшым у свеце будынкам, які быў пабудаваны без структурных швоў. Аэрапорт будзе ўведзены ў эксплуатацыю 30 верасня 2019 года. Мяркуецца, што да 2025-га яго прапускная здольнасць складзе 72 мільёны чалавек у год.

Па форме будынак нагадвае фенікса — архітэктары хочуць звязаць будынак новага аэравакзала з ужо існуючым аэрапортам Шаўду, форма якога нагадвае пра іншую міфічную жывёлу, кітайскага цмока.

Nashaniva.com