Мінскі школьнік зрабіў ФОТА выбуху падчас салюту 3 ліпеня
04.07.2019 / 11:05
Мікалай Пятроў
Дзевяцікласнік Мікалай Пятроў 3 ліпеня хадзіў глядзець парад і святочны салют да Дня Незалежнасці разам з бацькамі. Ён паспеў зрабіць фатаграфію выбуху падчас салюту. На яго камеры на тэлефоне зафіксаваны час — 22.20, піша Tut.by.
— Я стаяў з бацькамі на набярэжнай Камсамольскага возера каля выратавальнай станцыі. Там па ўсім перыметры стаялі салдаты. Калі адбыўся выбух, людзям вайскоўцы сказалі адысці пад дрэвы. Усе зразумелі, што нешта не так, і сталі хутка адбягаць, — кажа Мікалай.
Па словах юнака, спачатку салют быў такім, як і звычайна, а потым быў дзіўны залп і адчуванне, што ўсё як быццам выбухнула на зямлі.
— Было вельмі гучна, пайшла гукавая хваля. Потым быў яшчэ адзін залп — і ў небе з'явіўся россып іскраў. Гэта візуальна адрознівалася ад звычайнага салюту.
Там, дзе стаялі Мікалай з бацькамі, пацярпелых не было. Але калі яны вярталіся дадому, то бачылі чатыры машыны хуткай дапамогі, якія ехалі з сірэнамі ў бок набярэжнай, уніз па супрацьлеглым баку ад офіса Беларускай калійнай кампаніі.