У Адэсе вынеслі прысуд гамельчуку за незаконную праслухоўванне мабільных тэлефонаў. Навошта ён гэта рабіў, так і засталося загадкай

04.07.2019 / 21:18

Беларус мог пайсці ў турму на тэрмін да 4 гадоў, аднак ён здолеў дамовіцца з пракурорам і атрымаў мінімальнае пакаранне.

Ураджэнец Гомеля абвінавачваўся ў незаконнай праслухоўцы мабільных тэлефонаў карыстальнікаў паслуг аператара «Київстар». Следства па справе праводзіла Служба бяспекі Украіны, супрацоўнікі якой у Адэсе падчас ператрусу офіса ў доме № 55 па вуліцы Вялікай Арнауцкай канфіскавалі вялікую колькасць апаратуры.

Прыморскі раённы суд Адэсы прызнаў беларуса вінаватым у здзяйсненні злачынства па ч.1 арт. 359 КК Украіны (незаконныя набыццё, збыт або выкарыстанне спецыяльных тэхнічных сродкаў атрымання інфармацыі) і пакараў яго штрафам у памеры 17 тысяч грыўняў (каля 650 даляраў).

Мяккасць пакарання абумоўлена асаблівасцямі ўкраінскага крымінальнага заканадаўства. Аказалася, што яшчэ ў ходзе следства абвінавачваны цалкам прызнаў віну і раскаяўся ў злачынстве. Дзякуючы гэтаму ён заключыў з пракурорам дасудовае пагадненне, у якім бакі абгаварылі і меру пакарання. Пры такіх умовах роля суда зводзілася да зацвярджэння прысудам гэтага пагаднення. Што і адбылося.

Карэспандэнт «Сильных новостей» азнаёміўся з тэкстам вердыкту, але не знайшоў у ім адказу на галоўнае пытанне: з якой мэтай ураджэнец Гомеля праслухоўваў мабільныя тэлефоны адэсітаў?