У Воранаўскім раёне пагранічнікі са стральбой спынялі парушальніка
29.07.2019 / 16:56
У Воранаўскім раёне парушальнік мяжы спрабаваў схавацца на ўседарожніку, памежнікам прыйшлося выкарыстаць зброю, паведамляе Дзяржпагранкамітэт.
Увечары 28 ліпеня ў Воранаўскім раёне пагранічны нарад за 30 метраў ад мяжы з Літвой знайшоў аўтамабіль Jeep без нумароў. Каля яго знаходзіўся невядомы.
Убачыўшы праваахоўнікаў, мужчына сеў у аўто і паспрабаваў з'ехаць. Ён не спыніўся, і пасля гэтага памежнікі былі вымушаныя ўжыць табельную зброю.
Пазней аўтамабіль з прабітымі коламі быў знойдзены на полі непадалёку. Праз некалькі гадзін быў затрыманы па месцы жыхарства і яго кіроўца.
Сваё знаходжанне на рэжымнай тэрыторыі жыхар вёскі Бражэльцы Воранаўскага раёна патлумачыў зборам дароў прыроды. Паводле яго слоў, ён вырашыў збегчы, бо спалохаўся.
Цяпер мужчыне пагражаюць буйныя штрафы.