Карпенка: Пашыраць пералік профільных класаў. Будуць ІТ-класы

27.08.2019 / 15:48

Пералік профільных класаў у школах Беларусі ў новым навучальным годзе пашырыцца. Пра гэта паведаміў сёння журналістам у Віцебску міністр адукацыі Ігар Карпенка на абласной педагагічнай канферэнцыі, піша БелТА.

«Мы прынялі рашэнне, што могуць з'явіцца профільныя класы IT-скіраванасці. Летась гэтага не было. Акрамя таго, узаконілі факультатывы па ваенна-патрыятычным профілі. Таксама ў гэтым годзе з'явяцца першыя спартыўна-педагагічныя класы», — сказаў міністр адукацыі.

«Міністэрства адукацыі ў гэтым кірунку адкрыта, гатова працаваць і ініцыятыву з месцаў будзе падтрымліваць», — падкрэсліў Ігар Карпенка.