Давыдзька хацеў стварыць тэлеканал «Белай Русі», але Міністэрства інфармацыі не дазволіла

30.08.2019 / 15:06

«Белая Русь» на чале з Генадзем Давыдзькам хацела заснаваць сваё тэлебачанне. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Папаратар».

«Генадзь Давыдзька спрабаваў стварыць «Белая Русь ТБ», платформай для яго меўся стаць расійскі «5 канал», — сцвярджае канал. Але, маўляў, нічога не атрымалася. 

Ці сапраўды Давыдзька меў такую ідэю і чым яна скончылася? 

«Мы хацелі б мець канал, але Міністэрства інфармацыі не зарэгістравала — узважвалі, вырашалі, былі прэтэнзіі. А потым мы ўжо самі адмовіліся. Адносна «Пятага канала»… Былі розныя варыянты. Мы шукалі платформу, але хацелі ўсё ж самастойны канал зрабіць — на гэта патрэбны грошы. Словам, мы падумалі і вырашылі засяродзіцца на інтэрнэт-магчымасцях. Будзем развіваць свой сайт», — сказаў «Нашай Ніве» Давыдзька. 

Ён спадзяецца, што сайт «Белай Русі» ўдасца манетызаваць, калі зрабіць з яго «платформу для дыскусій і абмеркавання праблемных кропак грамадства». 

Як вядома «Нашай Ніве», фармальнай прычынай нерэгістрацыі канала «Белай Русі» стала «памылка ў дакументах». 

АЯ