Макей назваў размяшчэнне расійскай базы бессэнсоўным

01.10.2019 / 00:54

У размяшчэнні расійскай ваенна-паветранай базы на тэрыторыі Беларусі «няма ні практычнага, ні палітычнага, ні ваеннага сэнсу». Пра гэта ў інтэрв'ю РБК паведаміў кіраўнік МЗС нашай краіны Уладзімір Макей.

Акрамя таго, паводле яго слоў, сёння гэтае пытанне на парадку расійска-беларускіх адносін не стаіць. «З улікам развіцця сучасных тэхналогій у гэтым няма сэнсу. Навошта размяшчаць на тэрыторыі Беларусі ваенна-паветраную базу, пра што і ішла гаворка, калі сёння ракеты могуць літаральна за лічаныя хвіліны дасягнуць іншага кантынента, з іншага боку нашай планеты. Калі б Беларусь размясціла на сваёй тэрыторыі нейкія дадатковыя ваенныя аб'екты, я не думаю, што гэта спрыяла б умацаванню стабільнасці, бяспекі ў нашым рэгіёне», — адзначыў міністр.

На ўдакладняючае пытанне РБК, ці не звязана рашэнне Мінска з пазіцыяй еўрапейскіх суседзяў, ён адказаў: «Ніколі ў Беларусі не будуць прымаць прынцыповае рашэнне пад уплывам нейкіх знешніх сіл». «Калі кіраўніцтва Беларусі прымае рашэнне, то толькі зыходзячы з аналізу, ці адпавядае гэта нашым нацыянальным інтарэсам альбо не — гэта асноўны прынцып», — дадаў ён.

Nashaniva.com