У Брэсце актывіста аштрафавалі на 765 рублёў за вітанне «Не заводу АКБ»

14.10.2019 / 22:00

Суд Брэсцкага раёна 14 кастрычніка аштрафаваў актывіста Канстанціна Астапука на 30 базавых велічынь (765 рублёў). Два месяцы таму ля прахадной завода Астапук сустрэў іншага актывіста фразай «Не заводу АКБ», і гэта трапіла на відэа. Участковы Брэсцкага РАУС склаў на Астапука пратакол па ч. 3 артыкула 23.34 «Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў» і суддзя прызнаў актывіста вінаватым, піша «Брестская газета».

Канстанціна Астапука, які выступае супраць будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода, не раз затрымлівалі, прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці і штрафавалі.