У Індыі двухгадовага хлопчыка некалькі дзён спрабавалі дастаць з калодзежа глыбінёй 180 метраў. Але ён памёр

31.10.2019 / 14:29

Маштабная аперацыя па выратаванні хлопчыка доўжылася некалькі дзён, піша Бі-бі-сі.

Двухгадовы Сахіт Уілсан у мінулую пятніцу ўпаў у калодзеж глыбінёй 10 метраў. Ён гуляўся на ​​вуліцы з іншымі дзецьмі.

Спачатку Сахіт быў на глыбіні каля 10 метраў, але пасля трапіў у закінутую свідравіну, якая мае глыбіню 180 метраў.

Ратавальнікі запампоўвалі кісларод у калодзеж, але з-за бруду ён не мог дасягнуць дзіцяці. Калі яны ў выніку дабраліся да хлопчыка, то цела ўжо пачало гніць.

Маці дзіцяці першапачаткова спрабавала выратаваць сына самастойна. Яна пашыла спецыяльны мяшок, каб дастаць сына, і паспрабавала прабрацца ў калодзеж, просячы хлопчыка не плакаць. Аднак спроба зняць яго была няўдалай.

Спробы выцягнуць хлопчыка пры дапамозе вяроўкі таксама апынуліся няўдалымі.

Шмат храмаў па ўсёй краіне, як індуісцкія, так і мусульманскія і хрысціянскія, маліліся за выратаванне хлопчыка.

Nashaniva.com