У Мінску прайшло шэсце на Дзяды ў Курапаты — фотарэпартаж

дапаўняецца

03.11.2019 / 12:43

3 лістапада ў Мінску ад метро «Парк Чалюскінцаў» пачалося традыцыйнае шэсце на Дзяды — дзень памяці продкаў.

Людзі сабраліся ля гадзіннікавага завода ля парку Чалюскінцаў, каб потым пайсці па вуліцах Каліноўскага, Карбышава, Гамарніка і Мірашнічэнкі. У калонах каля 250 чалавек.

Падчас шэсця актывісты «Еўрапейскай Беларусі» запалілі фаеры. Іншыя ўдзельнікі паспрабавалі адабраць фаеры і папрасілі не рабіць правакацый.

Пасля таго, як калона прыйшла ў Курапаты, пачаўся мітынг.

На «Галгофе» прагучала малітва. Павел Севярынец прыкруціў да аднаго з крыжоў таблічку з імем расстралянага паэта — Васіля Каваля.

Юрась Беленькі выступіў з прамовай пра небяспеку інтэграцыі з Расіяй.

Мерапрыемства традыцыйна ладзіць Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ.

Дзяды — восеньскі дзень памяці продкаў. Яму прысвечаныя класічныя творы Адама Міцкевіча і Янкі Купалы.

У старыя часы Дзяды масава ўшаноўвалі ў цэнтры і на захадзе Беларусі, тады як Радаўніцу — веснавы дзень памяці продкаў — на поўдні і поўначы. Людзі прыносяць свечкі на магілы і чысцяць пахаванні перад зімой. 

З канца 1980-х святкаванне Дзядоў спалучылася з днямі памяці ахвяр савецкіх расстрэлаў у Курапатах і іншых месцах масавага знішчэння насельніцтва нацыстамі і саветамі. 

Nashaniva.com, фоты Надзеі Бужан