Паэт Леанід Пранчак зноў пайшоў у суд — і нарэшце цалкам прайграў
16.11.2019 / 15:03
Паэт Леанід Пранчак прайграў працэс па абароне сваіх аўтарскіх правоў. Вярхоўны суд не паверыў, што ён толькі цяпер даведаўся пра імавернае парушэнне, здзейсненае ў 2013 годзе.
Гісторыя датычыць верша «Б», які з’явіўся на сайце па прававой асвеце дзяцей і падлеткаў.
Гэты верш упершыню быў апублікаваны ў зборніку «Дзяўчынка беларуска», выдадзеным у 1993 годзе.
Самае захапляльнае, што Пранчак у свой час дазволіў выставіць у інтэрнэт усю кнігу і заключыў адпаведную дамову — а пасля прыйшоў скардзіцца на публікацыю аднаго з вершаў.
Паэт патрабаваў 255 рублёў і кампенсацыю дзяржаўнай пошліны.
Аднак асноўны аргумент абароны быў у тым, што калі Пранчак — як ён сам сцвярджае — пастаянна маніторыць інтэрнэт і шукае згадкі пра сябе, ён мусіў убачыць публікацыю яшчэ ў 2013 годзе.
Звяртацца ў суд можна на працягу трох гадоў пасля таго, як твае правы былі парушаныя. А Пранчак прыйшоў у суд толькі ў 2019 годзе.
У выніку Вярхоўны суд нават не стаў разглядаць пазоў Пранчака па сутнасці — тэрміны даўніны сышлі.
Дзяржаўную пошліну ніхто яму кампенсаваць не будзе.
На наступны тыдзень запланаваны суды Пранчака з Мінгарвыканкамам і Магілёўскай абласной філармоніяй.