У Барысаве крымінальны дуэт скраў трох курэй-нясушак, каб набыць спіртное

29.11.2019 / 12:17

У міліцыю звярнулася жыхарка Барысава, якая распавяла, што ўначы з гаспадарчай пабудовы ў двары скралі трох курэй-нясушак. Прычыненую шкоду заяўніца ацаніла ў 45 рублёў, паведамляе абласная міліцыя.

Апытаўшы жанчыну, у праваахоўнікаў акрэслілася кола меркаваных выкрадальнікаў. У першую чаргу ў поле зроку міліцыянераў патрапілі двое знаёмых, якія працавалі ў барысаўчанкі рознарабочымі і дапамагалі ў рамонце гаража. Дарэчы, са знікненнем птушкі прапалі і памочнікі.

Устанавіць асобы апошніх праваахоўнікам удалося ў самыя кароткія тэрміны. Імі былі 52-гадовы мужчына і 44-гадовая жанчына. Абодва афіцыйна нідзе не працуюць, раней неаднаразова траплялі ў поле зроку міліцыі.

Спачатку сваю датычнасць да знікнення птушкі пара адмаўляла. Аднак потым прызналіся. Свае дзеянні яны патлумачылі адсутнасцю фінансаў на алкаголь. І нічога іншага, як скрасці курэй у гаспадыні, у галаву не прыйшло.

Хатнюю птушку яны ў той жа вечар прадалі за дзесяць рублёў, а атрыманыя грошы спусцілі на спіртное.

Nashaniva.com