Расійскія прапагандысты паказалі абяцанае «паўнавартаснае, разгорнутае інтэрв'ю» з Зяленскім. Яно цягнулася каля хвіліны

16.12.2019 / 00:52

Расійскі тэлеканал Россия-1 паказаў каментар прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пасля сустрэчы ў нармандскім фармаце 9 снежня ў Парыжы.

Канал называе гэта «першым паўнавартасным інтэрв'ю расійскім журналістам».

«Я лічу, што правільны пачатак на такіх сустрэчах такога фармату, у нас ёсць магчымасць дасягнуць выніку — канец вайны ва Украіне, на тэрыторыі нашай краіны. Праз чатыры месяцы будзе сустрэча, таму што шмат пытанняў за адзін раз не вырашыць і сапраўды вельмі шмат розных поглядаў, шмат розных пытанняў», — адзначыў прэзідэнт Украіны.

Мяркуючы па фрагментах размовы, яна цягнулася крыху больш за хвіліну.

Раней у Расіі паведамілі, што Зяленскі даў першае паўнавартаснае інтэрв'ю расійскім журналістам.

Пасля чаго Уладзімір Зяленскі абверг гэтую інфармацыю.

«Я не даваў інтэрв'ю тэлеканалу Расія. У Парыжы пасля нармандскай сустрэчы дзесьці ў 01:30 ночы быў прэс-падыход. У калідоры журналістка ў мяне нешта спытала. Я ёй нічога не адказаў. Было вельмі шмат журналістаў з розных краін», — сказаў Зяленскі.

Nashaniva.com