Мужчына падпаліў ровар суседа, бо той перашкаджаў яму выводзіць сына-інваліда на вуліцу

26.12.2019 / 19:54

У Скідзелі жыхары адной з кватэр пастаянна пакідалі ровар на агульнай пляцоўцы каля сваіх дзвярэй. Суседу гэта стварала пэўныя нязручнасці: з-за гэтага ён не мог бесперашкодна вывесці сваё дзіця-інваліда, паведамляе rgazeta.by.

Мужчына неаднаразова казаў пра гэта суседзям, але гаспадары ігнаравалі. У адзін з дзён, трохі выпіўшы, мужчына вырашыў адпомсціць. Ён вырашыў сапсаваць сядло. Падпаліў запальнічкай і пайшоў у краму. Але не ўлічыў, што там паралон і ён лёгка загарэўся. Так і адбылося. Акрамя таго, пачала плавіцца гума.

Вярнуўшыся з крамы праз дзесяць хвілін, мужчына ўбачыў у пад'ездзе дым. Ён тут жа выцягнуў ровар на вуліцу і стаў тушыць. Да таго часу жыхары, пачуўшы пах гару, выклікалі ратавальнікаў. Да месца здарэння прыбылі міліцыянеры і медыкі.