Экс-трэнер БАТЭ Аляксей Бага знайшоў новы клуб. Выбар вельмі сімвалічны

19.01.2020 / 13:18

Фота Надзеі Бужан

Беларускі спецыяліст Аляксей Бага узначаліў «Жальгірыс» з Вільні.

Пагадненне з былым настаўнікам БАТЭ разлічана на год з магчымасцю падаўжэння яшчэ на год, адзначае прэс-служба літоўскага клуба.

Дапамагаць Багу будзе беларускі спецыяліст Валеры Тарасенка.

«Жальгірыс» у перакладзе з літоўскай «Грунвальд». У 1980-х клуб дастойна глядзеўся ў чэмпіянаце СССР, у 1987-м нават фінішаваў трэцім.

Сяміразовы чэмпіён Літвы. Праўда, апошні раз браў першае месца ў 2016-м. Пасля тры разы чэмпіянат Літвы выйгравала «Судува». Віленчукі ў мінулым годзе занялі 2-е месца і будуць удзельнічаць у кваліфікацыі Лігі Еўропы.

Бага узначаліў БАТЭ летам 2018 года. Тады каманда выйграла чэмпіянат і гуляла ў групе Лігі Еўропы і выйшаў у 1/16 фіналу. Але ў мінулым сезоне барысаўская каманда пад яго кіраўніцтвам заняла другое месца ў чэмпіянаце Беларусі і не прабілася ў групавы турнір Лігі Еўропы.

Nashaniva.com