15 лютага — Віктар Шалкевіч запрашае на зімовы канцэрт
Мінск, Палац культуры прафсаюзаў (Кастрычніцкая плошча). Пачатак а 19:00.
24.01.2020 / 18:26
Адсвяткаваўшы грандыёзным аншлагавым канцэртам летась свой юбілей, Віктар нецярпліва чакае новай сустрэчы з мінскай публікай!
Цягам юбілейнага года Віктар Шалкевіч не спачываў на лаўрах. Музыка выдаў чарговую кнігу, рыхтуе калядную оперу «Галілейская гісторыя», наведаў з канцэртам Грузію і іншыя замежныя краіны.
— Зараз я дапісваю раман і оперу, шукаю сюжэты для новых песень, радуюся жыццю, — дзеліцца Вiктар Шалкевiч. — Яно не зрабілася лягчэйшым — як працаваў, так і працую. І канешне ёсць чым новым здзівіць гледачоў на канцэрце: спецыяльна да імпрэзы будуць перавыдадзеныя на дысках альбомы «За 100 крокаў ад Вострае Брамы» і самы першы альбом 1992 года «Правінцыя».
Адметна, што ў гэтым годзе праграма канцэрта будзе складзена ў тым ліку па заяўках слухачоў. Свае замовы вы можаце даслаць на пошту uzajemna2019@gmail.com ці пакінуць на старонках імпрэзы ў сацыяльных сетках: Фэйсбук, Укантакце.
Запрашаем усіх наведаць традыцыйны зімовы канцэрт барда Віктара Шалкевіча ў Мінску!
Цана квіткоў ад 1 да 33 рублёў. Квіткі без нацэнкі — каса Палаца прафсаюзаў
Інфалінія: (44) 5517706, (29) 8517706.