Дырэктарка дома састарэлых расказала, якія меры прынятыя, каб не дапусціць заражэння пацыентаў каранавірусам 

У групе рызыкі захворвання каранавірусам і ўскладненняў ад яго — пажылыя. Для дамоў састарэлых Мінздароўя выдала рэкамендацыі. Пра іх «Нашай Ніве» расказала дырэктарка Рэспубліканскага інтэрната для ветэранаў вайны і працы Людміла Шарай.

13.03.2020 / 12:59

Ілюстрацыйны здымак. Фота Надзеі Бужан

Ва ўстановах адмянілі ўсе масавыя мерапрыемствы — канцэрты, сутрэчы. Скарацілі візіты сваякоў.

«Афіцыйны каранцін мы не ўводзілі, але часткова абмежавалі доступ у інтэрнат. Асабліва калі хтосьці са сваякоў прыехаў з-за мяжы, мы просім не наведваць.

Нічога незвычайнага. Мы не школа, не крама — мы дастаткова закрытая ўстанова», — кажа Людміла Шарай.

Выхад саміх пастаяльцаў з установы не забаронены, але ў такой меры, заўважаюць, няма патрэбы. Сярэдні ўзрост жыхароў інтэрната — 94 гады, мала хто з іх здольны на доўгія шпацыры.

У цэлым меры амаль такія ж, як і пры эпідэміі грыпу. 

«У харчаванне часнык дадаецца, вітамінізацыя праводзіцца, як і пры любой іншай інфекцыі», — дадае дырэктарка ўстановы.

У пакоях праводзяць кварцаванне. Падлогі мыюцца дэзінфекуючымі сродкамі, ручкі праціраюцца па два-тры разы на дзень. На ўваходзе вісяць антысэптыкі.

У медыкаў, што працуюць у інтэрнаце, масачны рэжым.

НЛ