Начальніка клімавіцкай трэнеркі выклікалі ў райвыканкам. А яе, можа, пазбавяць прэміі

Іна Кардабнёва з аграгарадка Ціманава пад Клімавічамі запісала абразлівае відэа пра беларускую мову. У ім яна абураецца, што яе сыну даводзіцца вучыць у школе гэты «нікому непатрэбны прадмет», а пасля дзеці з глыбінкі пакутуюць ад «калгаснага акцэнту».

23.03.2020 / 15:08

Чытайце. «Дзіця не запамінае гэтых дэбільных словаў». Педагог з-пад Клімавічаў запісала абуральнае ВІДЭА пра беларускую мову

Відэа набрала 21 тысячу праглядаў і больш за 6 тысяч дызлайкаў. 

«Наша Ніва» звязалася з Клімавіцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай, дзе Іна працуе педагогам.

Дырэктара ад ранку на месцы няма: выклікалі ў райвыканкам з нагоды гэтага відэа.

Намесніца дырэктара Ларыса Рагоўская кажа, што з Інай Кардабнёвай будзе абавязкова праведзена тлумачальная работа.

«Ці пазбавім прэміі, яшчэ вырашаем. Будзе трэнерская рада, разбяром», — пракаментавала яна.

Звальняць жанчыну не будуць. Як патлумачыла адміністрацыя школы, педагог дапрацоўвае да красавіка і пасля сыходзіць у дэкрэтны адпачынак.

НЛ