Заўтра дэпутаты паспрабуюць вырашыць галоўную інтрыгу года, не лічачы каранавірус

07.05.2020 / 15:42

Фота Надзеі Бужан

У пятніцу, 8 мая, у Палаце прадстаўнікоў дэпутаты збяруцца на пазачарговае пасяджэнне, каб прызначыць дату прэзідэнцкіх выбараў. Пра гэта TUT.BY распавёў кіраўнік прэс-службы Палаты прадстаўнікоў Віталь Ермаловіч.

Пасяджэнне загадзя не было пазначана ў графіку працы дэпутатаў, цяпер усе дэпутаты працуюць у сваіх акругах.

— На парадку дня пасяджэння заўтра — разгледзець пытанне аб даце выбараў, — распавёў Ермаловіч.

Кіраўнік прэс-службы адзначыў, што на заўтрашняе пасяджэнне пусцяць толькі некалькі дзяржаўных СМІ.

— Апошнім часам з-за эпідэміялагічнай сітуацыі мы імкнёмся абмежаваць пул журналістаў, прысутных на пасяджэннях. Прынята рашэнне абмежавацца на заўтрашнім пасяджэнні некалькімі цэнтральнымі СМІ. Так што не магу вас парадаваць, TUT.BY не паклічам, — сказаў Ермаловіч.

Згодна з Канстытуцыяй выбары прэзідэнта прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазней, чым за пяць месяцаў да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў дзеючага прэзідэнта. У адпаведнасці з заканадаўствам чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца ў нядзелю, не пазней чым за два месяцы да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў дзеючага прэзідэнта, гэта значыць, не пазней за 30 жніўня.