Што рабіць, калі заблакуюць Telegram ці зусім адключаць інтэрнэт

21.07.2020 / 23:24

«У выпадку пагрозы нацыянальнай бясьпецы, у выпадку пагрозы распаўсюду любой дэструктыўнай інфармацыі» Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі дапускае блякаваньне інтэрнэт-рэсурсаў. Што рабіць, калі папулярны мэсэнджар пачнуць блякаваць у час, калі ён спатрэбіцца? І што рабіць, калі заблякуюць улюбёныя сайты або зусім адключаць інтэрнэт? Піша «Радыё Свабода».

Сем спосабаў абысьці блякаваньні

Паводле пастановы Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце і Міністэрства сувязі, улады Беларусі яшчэ з 2015 году мусяць блякаваць сродкі доступу да забароненых сайтаў адразу пры выяўленьні гэтых сродкаў. Але за пяць гадоў існаваньня пастановы ніводзін такі сродак ня быў пасьпяхова заблякаваны.

Наўрад ці адключаць усе VPN, і нават калі так, застанецца Tor

Беларускі ІТ-спэцыяліст Павал Селіцкас, які зьвярнуў увагу на праблемы з доступам да VPN-сэрвісаў, мяркуе, што, нават калі ня ўдасца адключыць усе такія сэрвісы, магчыма зрабіць так, каб да іх не змаглі атрымаць доступ 95% карыстальнікаў. Пры гэтым «ня масавы карыстальнік», але нейкі адсотак людзей заўсёды зможа атрымаць доступ да пажаданых рэсурсаў, пакуль ёсьць «хоць нейкі інтэрнэт за мяжу».

Самым даступным інструмэнтам для масавага карыстальніка пры блякаваньні VPN-сэрвісаў ён лічыць ананімную сетку Tor. Беларускія ўлады спрабавалі змагацца з Tor, але спроба заблякаваць яе ў канцы 2016 году толькі падвысіла колькасьць карыстальнікаў. Нават калі для Tor блякуюць звычайныя каналы сувязі, сетка мае шмат «мастоў» (bridges), сярод якіх заўсёды можна адшукаць працоўны — нават у Кітаі.

Але калі адключаць увесь зьнешні трафік або мабільную сувязь і ўвесь доступ у інтэрнэт, «рабіць больш няма чаго», кажа ён. Bluetooth-мэсэнджары «маюць сэнс пры высокай ступені самаарганізацыі» і пры ўмове, што ня будуць глушыць частату, на якой яны працуюць.

«Калі гэта вуліца і ёсьць высокая самаарганізацыя, але мабільнай сувязі няма — то гэта mesh-сеткі, у якія ўключаюцца розныя Bluetooth-мэсэнджары, — кажа ён пра рашэньне пры адключэньні інтэрнэту і мабільнай сувязі. — Шчыльнасьць вузлоў у такой mesh-сетцы таксама важная. Досыць складана ўявіць нармальную працу такой сеткі, калі людзі пашыхтаваныя ў шэраг уздоўж дарогі».

А калі інтэрнэт зусім адключаць?

Экспэрт праваабарончай арганізацыі Human Constanta, юрыст і праваабаронца Аляксей Казьлюк на падставе беларускага досьведу і матэрыялаў міжнароднай кампаніі Access Now разглядае тры магчымыя сцэнары абмежаваньня інтэрнэту:

У Беларусі пакуль сутыкаліся з блякаваньнем сайтаў і лякальным адключэньнем мабільнай сувязі. Апошнім часам відаць і прыкметы замаруджваньня інтэрнэту, хоць гэта цяжка адсачыць і адрозьніць ад простых паломак — трэба мець інфармацыю ад апэратараў сувязі. Штосьці падобнае да гэтага заўважалі практычна на кожнай з апошніх масавых акцыяў.

Калі проста абмяжоўваюць хуткасьць доступу, кажа Казьлюк, тэкставыя паведамленьні адсылаюцца, але відэатрансьляцыі працаваць ужо ня будуць ні на загрузку, ні на прагляд. У такіх выпадках, разважае ён, можна або проста адмовіцца ад прагляду «цяжкага» кантэнту, каб даць больш каналу для журналістаў, або спрабаваць падключыцца да публічных WiFi-сетак — асабліва калі людзі ў дамах паблізу вырашаць адкрыць сваю сетку для ўсіх ахвочых.

Mesh-сеткі і мэсэнджары кшталту Bridgefy і FireChat ён называе «радыкальным мэтадам» і сумняецца ў іх практычнай эфэктыўнасьці: так, карыстаючыся імі, можна заставацца на сувязі нават без падключэньня да інтэрнэту, але для працы ім патрэбная масавасьць, а карыстальнікаў пакуль бракуе. Трэба правесьці вельмі маштабную асьветніцкую кампанію, каб нешта зьмянілася.

Казьлюк кажа, што ня мае ўнівэрсальных парадаў на выпадак, калі інтэрнэт адключаць на акцыі пратэсту: трэба глядзець на сытуацыю. Але ён раіць фіксаваць такія выпадкі і паведамляць пра іх праваабаронцам.

«Мне падабаецца трэнд гэтай электаральнай кампаніі, калі людзі спрабуюць выкарыстоўваць законныя мэтады, скаргі для абароны сваіх правоў, — кажа Казьлюк. — У заканадаўстве не прадугледжаныя адключэньне і замаруджваньне інтэрнэту. Прыпыняць ці абмяжоўваць працу сетак улады могуць толькі падчас надзвычайных сытуацыяў ці ваеннага стану згодна з артыкулам 21 закону «Аб электрасувязі». А проста так — нельга, гэта парушэньне кантрактных абавязаньняў апэратараў, і ў цяперашніх абставінах у дзяржавы няма на гэта паўнамоцтваў».

Гарантыяў безумоўнага доступу да інтэрнэту таксама няма ў Канстытуцыі і заканадаўстве, але, мяркуе юрыст, адключэньне можа разглядацца як парушэньне свабоды слова і свабоды інфармацыі.