Меліціна Станюта: Не ведаю, чаму маўчаць спартсмены 

05.09.2020 / 10:55

Вядомая беларуская гімнастка Меліціна Станюта ў інтэрв'ю The Guardian распавяла пра тое, што адбываецца ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў, піша Tribuna.com.

«Калі б мяне не хваляваў лёс маёй краіны, то я б проста заплюшчвала вочы і старалася нічога не чуць. Але я не магу. Я не магу і не буду.

Беларусь — малюсенькая краіна, якая не ўваходзіць у Еўрасаюз і мала каму вядомая. Я шмат падарожнічала і магу сказаць, што многія аб нашай краіне не ведаюць. Калі я кажу, што я з Беларусі, яны кажуць: «О, гэта Расія». Я кажу: «Не, гэта Беларусь». Вось чаму я падумала, што павінна гэта зрабіць. Я павінна расказаць вам пра гвалт у нашай краіне, паказаць гэтыя жудасныя відэа і паказаць тое, што адбываецца ў цэнтры Еўропы ў 21-м стагоддзі.

Так, акцыі працягваюцца праз 4 тыдні пасля выбараў. Мы раззлаваныя. Шмат у каго з нас у кожнай сям'і цяпер ёсць той, хто быў там на пратэстах ці проста глядзеў, сядзеў недзе на лаўцы са сваёй дзяўчынай або выходзіў у краму, а затым апынуўся ў аўтазаку.

Мой сябар быў на акцыі, а затым трапіў у бальніцу — ён быў збіты і быў ледзь у стане перасоўвацца. Ён спалохаўся і казаў: «Яны, напэўна, хочуць паказаць мяне лідарам гэтых пратэстаў».

Калі прэзідэнт сказаў па дзяржаўных тэлеканалах, што ўсе тыя людзі, якія хочуць свабоды, сумленных выбараў, — прастытуткі, авечкі і алкаголікі, я падумала: «Божа мой, чаму?» Як мы можам любіць, як мы можам быць адкрытымі, калі ён відавочна злоўжывае людзьмі?

Пра рэакцыю на затрыманні ў чэргах у краму Symbal.by

Я проста не магла маўчаць. Мае словы тычыліся толькі закону і таго, што мы жывём у дэмакратычнай краіне. Калі мы не парушаем закон, мы знаходзімся пад абаронай. Але калі вы стаіце ў чарзе ў краму, то вас могуць кінуць у аўтазак.

Я баюся, што я вярнуся ў Беларусь, і яны скажуць: «Гэй, яна выкарыстала інтэрнэт для сваёй міжнароднай аўдыторыі, і, магчыма, яна лідар». Ці яны могуць падкінуць наркотыкі ў мой багаж».

Пра маўчанне калегаў-спартоўцаў

Я атрымала так шмат паведамленняў, у якіх гаварылася: «Дзякуй за вашы словы, дзякуй за вашу пазіцыю, але чаму свет гімнастыкі маўчыць?» Я не ведаю. Можа быць, ёсць нейкі ціск, але для тых хлопцаў [страйкоўцаў] на заводах — таксама ёсць ціск. Можа быць, значна больш ціску», — сказала Станюта ў інтэрв'ю The Guardian.

Nashaniva.com