Крэмль убачыў «надзвычайнае абвастрэнне» канфлікту Арменіі і Азербайджана

28.09.2020 / 13:46

Крэмль лічыць прычынай сур'ёзнай турботы абвастрэнне сітуацыі ў Нагорным Карабаху. Пра гэта заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, піша РБК.

«Учора, на жаль, дзень быў азмрочаны надзвычайным абвастрэннем сітуацыі на лініі судакранання ў зоне Нагорнага Карабаха. Гэта, вядома ж, з'яўляецца <…> прычынай сур'ёзнай заклапочанасці», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, з першых гадзін аднаўлення ваенных дзеянняў міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў быў у кантакце з калегамі з Арменіі і Азербайджана. Таксама па ініцыятыве армянскага боку прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін паразмаўляў з прэм'ер-міністрам Арменіі Ніколам Пашынянам, нагадаў Пяскоў.

«Лічым, што баявыя дзеянні павінны быць спыненыя і канфлікт павінен перайсці ў палітыка-дыпламатычнае рэчышча», — дадаў ён.

Адказваючы на пытанне, ці бачаць у Крамлі тое, што абвастрэнне канфлікту ў рэгіёне было справакавана спецыяльна, улічваючы сітуацыю ў Беларусі і з атручваннем Аляксея Навальнага, прэс-сакратар сказаў: «Не, не бачаць».