«Карабах — наш!» Азербайджан заяўляе пра ўзяцце Шушы, Арменія абвяргае

08.11.2020 / 14:35

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў 8 лістапада падчас звароту да нацыі заявіў пра тое, што ўзброеныя сілы краіны ўзялі пад кантроль горад Шушы ў Нагорным Карабаху.

«Пераможная азербайджанская армія вызваліла горад Шушы ад акупацыі. Шушы — наш! Карабах — наш! У гэтай сувязі ад усяго сэрца віншую ўвесь азербайджанскі народ! Ад усяго сэрца віншую ўсіх шушынцаў!» — заявіў Аліеў.

Шуша — стратэгічна важны горад, ён па сутнасці з'яўляецца прыгарадам Сцяпанакерта. Праз Шушу праходзіць ключавая дарога, якая звязвае Нагорны Карабах з Арменіяй.

У сваю чаргу Арменія абвяргае ўзяцце стратэгічна важнага горада.

«Баі ў Шушы працягваюцца, чакайце і верце нашай арміі», — напісаў у фэйсбуку афіцыйны прадстаўнік Мінабароны краіны Арцрун Аванісян.

Nashaniva.com