Ксёндз з Расонаў Вячаслаў Барок выйшаў на волю

13.12.2020 / 17:17

Ксёндз з Расонаў Вячаслаў Барок выйшаў на волю пасля 10 сутак, якія ён атрымаў за плакат Цэслера «Стоп лукашызм», змешчаны ў сацсетках.

За святара заступіўся Уладзімір Цэслер, аўтар плаката «Стоп лукашызм», які палічылі прапагандай нацызму, але гэта не паўплывала на прысуд.

Вячаслаў Барок служыць у Расонах. Гэта самая поўнач Віцебшчыны, глухі кут, адзін з самых маланаселеных раёнаў.

Айцец Вячаслаў — пробашч каталіцкай парафіі там. І вядзе ютуб-канал, а таксама піша ў сацсеткі.

Пропаведзі айца Вячаслава Барка — пра тое, што адбываецца вакол нас. «Дакуль Бог будзе цярпець катаванні сілавікоў над беларусамі?» — такая тэма казані ад 11 лістапада, у якой айцец Вячаслаў адказвае на пытанні парафіян і сваіх гледачоў пасля 8 лістапада, калі ў Мінску было за адзін дзень затрымана больш за 1050 чалавек.

Раней былі пропаведзі «Агрэсія — адкуль бярэцца? Што кажа пра яе Касцёл і Бог. Лёс агрэсараў» і «Дыялог — найлепшы выхад з любога канфлікту».

Nashaniva.com